САВЕ́ЦКІ МАРДЭ́Р (ад ням. Marder куніца),

парода трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1930—40 у Арменіі складаным скрыжаваннем мясц. блакітных трусоў з рускім гарнастаевым трусам і шыншылай. Гадуюць пераважна ў Арменіі, на Беларусі — аматары.

Жывёлы сярэдніх памераў, моцнага целаскладу, з кароткім тулавам (47—50 см), абхват грудзей 28—35 см. Сярэдняя маса 3,8 (да 5) кг. Поўсць шчыльная, мяккая, бліскучая, колерам нагадвае поўсць куніцы: у нованароджаных трусоў мышастая, у дарослых — светла і цёмна-карычневая (больш каштоўная). Плоднасць 7—8 трусянят. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным выглядзе ці імітуюць пад больш каштоўнае футра.

Савецкі мардэр.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)